Гераічнай Іспаніі

Якуб Колас

На варту свабоды і шчасця народаў
Пазвала гісторыя вас.
Мужайцеся, брацці, ў гадзіну нягодаў
І верце — надыйдзе ваш час.
 
Няхай варʼяцеюць пачварныя здані,
Што свету будуюць астрог:
Яны захлынуцца ў крывавым тумане
Сваіх жа зладзейскіх дарог.
Яны не пяройдуць мяжы, на каторай
Сурова паўстане Мадрыд.
І знойдзе магілу ў рабочых разорах
І свой і замежны бандыт.
 
Рыхтуйце пагібель ліхім крыважэрцам,
Што носяць забойства кляймо.
Мы з вамі заўсёды і ў мыслях і сэрцам,
І руку мы вам падамо.
 
Прымі ж прывітанне ад вольнай краіны,
Працоўны іспанскі народ!
Жалезнай кагортай зʼяднанай сябрыны
На ворагаў дружна ўпярод!
 
 
  *
 
Эх, словы! Чаму вы
Не віхар, не гром?
Я вам збудаваў бы
З паветра паром:
 
Падняў бы высока
У смужную сінь,
Мінуўшы прасторы
Чужых далячынь;
 
Праз горы і моры
  Пранёс бы я вас
Пад Навалькарнера,
Мадрыд, Ільескас
 
І з высей блакітных
Дажджом агнявым
На голавы б рушыў
Забойцам ліхім,
 
Каб знішчыў дашчэнту
Ваш бурны палёт
Наёмнікаў Рыма
І гітлераў зброд...
 
 
Эх, словы! Чаму вы
Не віхар, не гром?
Чаму вас не рыну
Агнём, перуном?



 
31/Х 1936

Іншыя творы: Якуб Колас