Пачвара

Якуб Колас

Наглеюць забойцы з часу на час,
Расце іх бандыцкая зграя:
Гер фюрэр і дучэ-дзікаабраз
У хеўру вайшлі з самураем.
 
Дружа́кі ж ўсе як на падбор:
Удаў, кракадзіл і шакалы!
Выпоўзваюць гады з шчыліны, з нор
І сыкаюць, водзячы джалам.
 
Выскаліў зубы крывавы прывід,
З фашысцкай паўзе падваротні.
Разбуран Шанхай, Більбао, Мадрыд
І мірных паселішчаў сотні.
 
Разявіўшы пасці, прагны язык,
Паўзе і паўзе зброд змяіны.
Не спыніць іх слова, грозьба і крык —
На гадаў патрэбны дубіны.
 
Няма перашкод ім і забарон,
Хоць іх заклінаюць плімуты,
Ды не баіцца замовы дракон
І болей разносіць атруты.
 
Наглеюць забойцы дзень ада дня,
Крыві ім, ахвяр яшчэ мала.
Удаў з кракадзілам, з шакалам — радня:
«Тэорыя рас» падгуляла...
 
 
А мы сабе зробім вывад адзін:
Узмоцнім сваю абарону,
Каб махам адзіным увагнаць клін
У злобнае сэрца дракону.



 
10/ІІ 1938

Іншыя творы: Якуб Колас