Асенні вечар

Якуб Колас

Бура вые. Лес гамоніць,
Як на сходзе дзе народ.
Вецер хмары так і гоніць;
Дождж, і гразь, і галалёд.
 
На камінку корч пылае;
Каля печы дзед сядзіць.
Бацька лапці папраўляе,
Маці ніткі села віць.
 
Вецер вые, не сціхае,
        Дзіка ў коміне шуміць,
То заплача, заспявае,
То па стрэсе прабяжыць.
 
Ціха ў хаце. Сэрца ные,
Страх душу апанаваў.
Чаму ж, вецер, думкі злыя
Ты ў душу маю нагнаў?



 
[1906]

Іншыя творы: Якуб Колас