Шаснаццатая гадавіна

Якуб Колас

Цвёрды крок жалезнай волі
След пакінуў, як ніколі,
Ў гэты слаўны год.
Бальшавіцкаму напору
Паддаліся скалы, горы
І паўночны лёд.
 
Гэтай воляй і стыхія
Ў берагі ўвайшла другія:
Рэкі, вадаспад
 
Намаганнем тым геройскім
Па канале Беламорскім
Пацяклі назад.
 
У пустэлях Каракума
Гімны пеў маторным шумам
Караван аўто.
 
То не людзі, а тытаны,
Зразумелі, кім пазваны
Біцца і за што.
 
І глыбіні стратасферы
Бальшавіцкі розум змераў,
Як ніхто нідзе.
 
Творчай воляй камуністаў
Шлях праложаны агністы
Вольнай грамадзе.
 
Днепрабуд, Магнітастроі...
Слава, гонар вам, героі!..
Вораг, чуй, зважай!
 
Шлях шырокі ў свет адкрыты.
Дык красуйся і жыві ты,
Наш Савецкі край!



 
[1933]

Іншыя творы: Якуб Колас