С...(вятла)...не

Якуб Колас

І неба хмурна пазірае,
  Закрыўшы ўсё ў туман-імжу,
І кропіць дождж без канца-краю,
А пра сябе я што скажу?
 
І мне нявесела. Спакою
Не знае сэрца ўжо даўно.
Нецерпяліваю рукою
Разбіта цэльнасці звяно.
 
Я ж тую руку з сэрцам шчырым
Благаслаўляў, як Божы дар.
Не ведаў я, што стаў над вірам,
Дзе шмат прапала маіх мар.
 
І знаю я – больш не сустрэну
Сугучнай сэрцу цеплыні,
Бо не прайду я тую сцену,
Што засланіла мае дні.
 
 
Спаткаўся нібы з роднай хваляй,
Ды кінут ёю на пясок.
Ну што ж? пайду ў раздумʼі далей,
Хоць смутак-жаль мой і глыбок.



 
29/ІІІ 1943

Іншыя творы: Якуб Колас