"Божа мой! Калі паўстане..."

Якуб Колас

* * *
 


Божа мой! Калі паўстане
Ў свеце згода тая?
Лад ці скора к людзям гляне,
Змоўкне бура злая?
 
Загарэўся, задыміўся
Свет вайной, і далей
Дым пажараў пакаціўся
Агнявістай хваляй.
 
Гінуць людзі, памарнелі
Скарбы іх і сёлы,
Ад крыві пачырванелі
І горы і долы...
 
Божа мой! Калі уціхне
Гэта трасяніна?
Бляскам сонца калі ўспыхне
Згоднасці часіна?



 
[1915]

Іншыя творы: Якуб Колас