Савецкая зямля

Якуб Колас

Зямля расквечана
Адзежай новаю
        І свой змяніла від.
Заслонаю-дуброваю
        Ды шматкіламетроваю
        Паўстаў зялёны шчыт.
Пустэлі мёртвыя
Вадой напоены,
        Страсаюць вечны сон,
        Каналамі пакроены...
Вы ж, мірнай працы воіны, –
        Хвала вам і паклон!
 
Узносся ж вышай ты,
Радзіма мілая!
        Жыві, Савецкі край!
Зарою яснакрылаю,
Красою, новай сілаю
        Над светам ты заззяй!
 
Калі ж пасмее хто
        Рукой крываваю
        Шляхі нам запыніць,
Той з гітлераўскай славаю,
Паганаю, іржаваю,
        У смецці будзе гніць.
 
Ты сонцам высланы,
Убраны зорамі,
        Зямлі Савецкай гмах.
Шырокімі прасторамі,
Марамі і азёрамі
                Адзначан твой размах.
 
Куды ні гляну я –
Крыніцай шумнаю
        Жыццё бурліць, гудзе.
Дарогаю разумнаю
І воляй цвёрдай, думнаю
        Нас партыя вядзе.
 
І дзе ні ступім мы,
Наш поступ – волатаў
        Навечныя сляды.
        Глядзяць па-майску молада,
Гараць, бы ў сонцы золата,
        Пасёлкі, гарады.
 
Высока ўзносяцца
У неба яснае
        Узлёты стромкіх веж...
Ну, дзе ж такое шчаснае
Імкненне светла-краснае
        На свеце ты знайдзеш?



 
[1953]

Іншыя творы: Якуб Колас