Каханне

Якуб Колас

Ці помніш ты, Ганна,
Шчаслівы мамэнт,
Як граў раз на дудцы
Нябожчык Вінцэнт?
 
А Нёман спакойна,
Спакойна дрыжаў,
І месячык ясны
На нас пазіраў.
 
Драў горла у лозах
За рэчкаю драч,
І грукаў у сцену
Рагамі маркач.
 
На жэрдзе мы селі
У мроку маўчком,
І я прытуліўся
К табе плечуком,
 
Язык мне адняўся,
Я сліну глытаў,
А потым нясмела
Цябе запытаў:
 
– Скажы мне, Ганулька,
Ці любіш мяне?
– Люблю, – ты сказала, –
Аж сэрца мне схне!
 
І лапці з-за спіны
Мае ты зняла,
Анучы у Нёман
Ты мыць панясла.
 
Ганулька, Ганулька!
Павер, зразумей –
Я ў свеце не бачыў
Кахання шчырэй!
 
На вуліцы Мурза
Яхімаў брахаў,
І стражнік пасвістваў,
Нагайкай махаў.
 
Я ж быў шчаслівейшы
На свеце батрак,
Ішоў, не баяўся
«Шнуроў» і сабак.
 
Ці помніш ты, Ганна,
Той светлы мамэнт,
Як граў раз на дудцы
Нябожчык Вінцэнт?



 
[1907]

Іншыя творы: Якуб Колас