Скарга

Якуб Колас

Як не возьмеш з гора чаркі
І з нуды таксама:
Я не маю сакратаркі,
Ні «пома», ні «зама».
 
Узяць «пома», рэч вядома,
Не тапор з-пад лаўкі.
Я нагледзеў сабе «пома»,
Ды што «пом» без стаўкі?
 
У прэзідыум вучоны
        Я падаў заяву.
Там жа строга па закону
Вырашалі справу.
 
Справа знікла, як у дыме –
Не знайшлося штата!
Эх, не маеш ты, Максіме,
Звання кандыдата!
 
Прэзідыум з свайго боку
Напісаў заяву
Ды паслаў яе далёка –
        Турбаваць дзяржаву.
А за час той, як вядома,
Змяніліся глаўкі...
А я, бедны, усё без «пома»,
А мой «пом» без стаўкі.



 
30/ІХ 1948

Іншыя творы: Якуб Колас