А. Луцкевічу

Якуб Колас

Заціхала лета, засыхалі краскі,
А ў лясох у нашых воўк зубамі ляскаў.
 
Прала восень ніці, навівала кросны,
А па нашым полі гойсаў вецер злосны.
 
Пазіралі дзіка цёмныя трушчобы,
А па нашых хатах чуліся жалобы.
 
Замірала ж скарга, млелі ў вуснах словы –
Вартаваў нас пільна арол двухгаловы.
 
Ты ж, араты дбалы, малады, руплівы,
Выйшаў смела ўзорваць гоні «Нашай нівы».
 
А ты, сейбіт слаўны, шчыры і сумленны,
Сеяў шчодра поле, родны грунт каменны.
 
Зарунелі гоні засевам зычлівым,
Толькі ж ты, араты, ты ці быў шчаслівы?
 
Дзяўкалі сабакі, гракалі вароны,
Слугі цемры чорнай расцягалі плёны.
 
Шпегі і жандары, вобыскі, бадзянне,
Па глухіх закутках вечнае тулянне...
 
Ды арол драпежны з двума галавамі
Не ўсядзеў, скалоўся на тэй Вострай Браме.
 
Налучылі край наш іншыя два лёсы:
Запалілі ўсход наш залатыя косы,
 
Дзе ратаі вольна падымаюць ролі,
А на захад збегла панская сваволя.
 
Сеў на Вострай Браме панскі «ожэл» белы
І дзяўбе, як царскі, чалавечча цела...
 
Заціхае лета, засыхаюць травы,
А той «бялы ожэл» прагне царскай славы.
 
Бедны ж ты, араты, дружа, сейбіт дбалы,
Сеў табе на раме панскі «ожэл бялы».
 
Засеў твой зычлівы забіваюць церні.
Але й «ожэл бялы» галавой наверне.



 
1927

Іншыя творы: Якуб Колас