"Тая ж самая даль, той жа самы разлог..."

Якуб Колас

* * *
 


Тая ж самая даль, той жа самы разлог —
Неаглядны прастор небясоў,
Дзе хмурынкі плывуць па дарозе, што Бог
Ім прызначыў з пачаткаў вякоў.
 
Ўсё гамоніць вакол, і шуміць, як даўней,
Гэты лес векавы, гэты бор.
А чаго ж цяжка нам? Які злы сухавей
Закружыўся, узняўся з-за гор?
 
Як увосень туман аблягае лугі
І палёў задуменную даль,
Так на сэрцы ляглі плямы чорнай тугі,
А мінулых дзянёчкаў так жаль.
 
Эх, не вернеш ты іх, гэтых светлых дзянькоў,
Толькі цені іх ў сэрцы жывуць.
А як міл гэты свет і прасторы стэпоў,
Дзе прыгожыя хмаркі плывуць!



 
1916

Іншыя творы: Якуб Колас