У зімні вечар

Якуб Колас

Загудуць вятругі ў полі,
Загалосяць, зашумяць,
Белым пылам задымяць
Ды засцелюць гоні-ролі,
Каб у холадзе-няволі
Рунь зялёную прымяць.
 
Ноч распусціць хмары-косы,
Лён-кудзелю распляце,
Сядзе паняю ў куце,
    А мароз белавалосы
Пойдзе ўсюды на ачосы
У лядзяным халаце.
 
Эх, узнімецца тлум дзікі!
Загудуць кусты, лясы
На ўсе тоны-галасы,
Самі зʼявяцца музыкі,
Баль наладзіцца вялікі,
Снег засцеле абрусы.
 
А ты сядзеш, мая маці,
Ніці доўгія сукаць,
Думкі ж повесць будуць ткаць
Аб сынку, тваім дзіцяці,
Што ў няволі жыцце траціць,
Бо хадзіў волі шукаць.
 
За акном сваёй чаргою
Вецер будзе варʼяцець,
Пухавую плесці сець.
Ты ж агорнешся тугою,
Як ноч гэтая смугою,
    Сэрца будзе плакаць-млець.



 
[1910]

Іншыя творы: Якуб Колас