Голас зямлі

Якуб Колас

Я чую голас несціханы —
Зямля мая мяне заве
І кроіць сэрца мне на раны,
Звініць, як звон касы ў траве.
 
І шум дубровы, і стогн пушчы,
І рэк усхліп, і плач крыніц,
І немы зрок балотнай тлушчы
Нясуць мне весць пра чужаніц.
 
Я бачу постаці тэўтонаў —
          Халодны твар, звярыны від.
Не знае жалю, ні законаў
У сталь закованы капыт.
 
  О, каб я меў такія рукі,
Зямля, абняў бы я цябе,
Каб сцішыць гора тваё, мукі
І сілу даць у барацьбе!
 
Зямля мая, мая краіна!
Я чую твой прызыўны звон.
Прымі ж хоць слова твайго сына —
        Не доўгі будзе твой палон.
 
Шумяць гняўліва твае пушчы,
Трасуцца помстаю бары,
І дзень твой хмурны зрок расплюшчыць—
Ёсць у цябе багатыры!



 
31/ХІІ 1941

Іншыя творы: Якуб Колас