Перад бураю

Якуб Колас

Сінь і глыб без конца-краю,
Ціш і згодачка святая
Неба, землю абнялі.
 
Сонца зранку жарам пыша,
Ветрык лісце чуць калыша,
Вее чуць паўзверх зямлі.
 
Лес і поле з збажыною,
Апавітыя смугою,
Задуменныя стаяць.
 
І сярод цішы нясмела
Над зямелькаю знямелай
Сталі хмары вынікаць,
 
Ды так ціха, так пужліва,
Нібы зданкі або дзіва
Невядома скуль ўстае.
 
Шырыць сонца клуб іх белы
І маланак-громаў стрэлы
Ім на страх зямлі куе.
 
А зямля як бы замлела,
Толькі дуб стары нясмела
Зрэдку лісцем павядзе.
 
Змоўклі ўсе вакол абшары,
Бо замыслілі штось хмары...
Ой, знаць, бура загудзе!



 
25/VII 1916

Іншыя творы: Якуб Колас