Грушы-сапяжанкі

Якуб Колас

Слухай, Костусь, што скажу я:
Папасі авечкі –
Можа дзядзьку абману я,
Скрадуся з-за грэчкі,
 
Ў сад залезу, сапяжанак
Пазуху нарву я,
Сакаўных такіх, братанак!
А ну ж пашанцуе!
 
Як на грушу ды ўзбяруся, –
                Вось мы забалюем!
Ашукаем і Пятруся
І груш пакаштуем!
 
Глянуў Алесь брату ў вочы,
Хітра засмяяўся.
Костусь быў да груш ахвочы.
– Ну, йдзі, ды не баўся.
 
Хлопцы стадка пільнавалі
        Блізка каля дому
І спакою не давалі
                Дзядзьку іх старому.
 
Выйшлі з хаты ўсе на поле, –
Час жніва, рабочы,
А ў гумне Пятрусь паволі
Жыта акалочваў.
 
Абмалоціць сноп і стане,
Як бацян, на ганку,
Праз вароты хітра гляне
І на сапяжанку,
 
Не спускае грушы з вока,
                Ох, вартуе пільна!
Пападзіся жэўжык-дока,
Дык задасць цапільна!
 
Але й хлопцы розум маюць –
Хітрыя, зладзюжкі!
Строяць планы, разважаюць,
Як дайсці да грушкі.
 
І не так ужо баліць ім
        Гэтых груш натрэсці,
Як Пятруся абурыці
                Або ў злосць увесці.
 
Улучыў Алесь часіну,
Торбу ўзяў з сабою,
Прытаіўся, сагнуў спіну
І папоўз мяжою.
 
Падпаўзе і адпачыне
Ды наставіць вушы,
На гуменца вока кіне
І зірне на грушы.
 
Костусь проста замірае,
                Млее ў хваляванні
І да Бога пасылае
Палкае літанне:
 
«Божа мілы, літасцівы!
Памажы нам, памажы!
Каб запоўз Алесь шчасліва
І ў садок папаў з мяжы!
 
Каб натрос там сапяжанак.
        Навядзі яго на троп!
Каб Пятрусь не стаў на ганак
                І на нейкі час аслёп!»
 
А Алесь паўзе. Часамі
Скокне, разагнецца.
Костусь есць яго вачамі
І, як ліст, трасецца.
 
А Алесь і не шманае –
Цэп учуў і рушыў!
Вось і плот, даў Бог, мінае,
Вось палез на грушу!
 
«Ну, яшчэ б мінут з дзесятак!..
                Божа, памажы нам!..»
Зірк – Алесь з усіх лапатак
Чэша, як пружына!
 
Глянуў Костусь – дзядзька ззаду
З цэпам прэ без духу!
– Галаву скручу я гаду!
Я цябе, псяюху!
 
Гоніць дзядзька хлопца, лае
        Шорсткімі славамі,
Алесь пазухі трымае,
                Драбязіць нагамі,
 
Сыпле дробна – што малому?
Дзядзька стаў хістацца.
 
Ды і дзе з малым старому
У беганцы зраўняцца?
 
Шмыгануў Алесь у хвойнік,
Даўшы два-тры кругі.
– Я ж табе, нябось, разбойнік!
Я ж вам дам, зладзюгі!
 
І пачаў сваё літанне
                З цэпам сярод поля:
– Каб вам шчасця ані звання,
Ліха вашай долі!
 
Як за вамі не паспелі
Ні гарох, ні грушы...
А каб вы папруцянелі,
Каінавы душы!
 
Хлопцы сталі на палянку
        І крычаць здалёка:
– Дзядзька! Глянь – во сапяжанкі!
                І пайшлі у скокі.
 
Алесь грушы вытрасае
Праз прарэх кашулі
І на дзядзьку ён гукае:
– Дзядзька! А во дулі!
 
Дзядзька бегчы быў памкнуўся,
Ды балелі косці.
Плюнуў дзядзька і вярнуўся,
Поўны страшнай злосці.



 
1910, [1928]

Іншыя творы: Якуб Колас