Суш

Якуб Колас

Выйдзі ў поле, глянь, паслухай:
Ці ж не ўгледзіш сум жывы?
Ці не ўловіш скаргу нівак,
Смутак красак і травы?
 
Ці не ўловіш сэрцам чуткім
Спеў гаротны ручаёў?
Ці не ўчуеш шум сірочы
Ярыны, грачок, жытоў?
 
Толькі ж неба зло-няўмольна —
Што яму да той зямлі,
Дзе над сіняю смугою
Далі немыя зляглі?
 
Нікнуць хмары, як сняжынкі,
Разганяюць іх вятры,
І тужліва пазіраюць
На палі гаспадары.



 
21/VI 1913

Іншыя творы: Якуб Колас