Байцам-камсамольцам

Якуб Колас

Арлы маладыя,
Я вас пазнаю,
Бясстрашных і мужных
У грозным баю.
 
Пад вашым напорам
Хістаецца даль,
Пад вашым ударам
Згінаецца сталь.
 
І крышацца танкі
        Фашысцкія ў соль,
І падае вораг,
Як горкі куколь.
 
Пілот-камсамолец,
Танкіст і стралок —
Нястрымная лава,
Вясенні паток,
 
Што орды тэўтонаў,
Фашысцкіх сабак,
Развее, рассее,
        Раскрышыць на мак.
 
На сушу, на мора,
У высі нябёс
Ваш дух непахісны
Сцяг славы узнёс.
 
Паднят ён высока,
Як зоры Крамля,
І вас услаўляе
Радзімы зямля.
 
Арлы маладыя,
        Юначая кроў,
І радасць вы наша,
І наша любоў!



 
[21/VII 1941]

Іншыя творы: Якуб Колас