На чужыне

Якуб Колас

Час праходзіць, жыццё гіне
Ў талачэчы на чужыне
За кавалак хлеба;
 
А куды яшчэ закіне
Доля-гора ў злой часіне?
Адкажы ты, неба!
 
Ды сказаць яно не хоча,
Толькі вецер зарагоча
І зарве жалобна;
 
Ды усё гоніць хмар валокны
І бубніць, бубніць у вокны
Дождж халодны, дробны.



 
22/Х 1919

Іншыя творы: Якуб Колас