Мужычае жыццё

Якуб Колас

Божа, Божа, твая воля!
(Хоць і можа гэта грэх!)
Што за жыцце, што за доля –
Проста плач бярэ і смех!
 
Чорна ў хаце, непрыбрана,
Парасяты пад палком,
Павуцінаю заткана
Столь і кут над абразом.
 
Дзеці ўстануць пасля ночы –
Крык, хоць вушы затыкай,
Дым з камінка лезе ў вочы,
Дзед сярдуе – ая-яй!
 
А як часам дзе збярэцца
Ў хаце з пару шчэ жанок,
Сварка тая не звядзецца –
Дзень грызуцца за гаршчок.
 
А ўмяшаюцца мужчыны –
Ну і пойдзе латата!
Паўплятаюцца ў чупрыны,
Рэдка стане барада.
 
Так і век ператаўчэшся,
І няма таго дабра,
Покі жыць ты прыбярэшся –
Паміраць табе пара.



 
Красавік, 1907 г.

Іншыя творы: Якуб Колас