Раздумʼе

Якуб Колас

Зірну я на неба. Па сіняй раўніне
За хмаркаю хмарка плыве.
Тыя сальюцца, другая загіне
І знікне ў пустой сіняве,
 
А тыя па небе, бясплодныя, ходзяць,
Глухія на плач збажыны.
І мыслі тож часта без следу праходзяць,
Таксама знікаюць яны.
 
Зірну я на жыта, што ў полі красуе,
І пыл жыватворчы над ім
Так ціха снуецца, калоссе цалуе
Любоўным дыханнем сваім.
 
Ды ўздымецца вецер і злосна павее,
Пагоніць той пыл на лясы.
І ў жыцці часцютка не мала гібее
Такой жыватворчай красы.
 
Сталетняе дрэва. Раскошна галіны
У зелень убрала вясна,
І горда гамоняць яго верхавіны,
І ў гомане радасць чутна.
 
А восень надыдзе, і лісце жалобна
На дол амярцвелы спадзе.
І моладасць наша тым лісцям падобна,—
Як лісце, яна адцвіце.
 
Вось ціха сняжынкі ў адлігу лятаюць,
Нібы матылёчкі ў маі,
Падуць і растануць, навек прападаюць,
Як роска вясною ў гаі.
І ты, чалавеча, як снег у адлігу:
Упаў і сканаў, і няма.
З трывогай глядзіш ты ў адвечную кнігу,
І душу агортвае цьма.



 
29/ХІІ 1910

Іншыя творы: Якуб Колас