Каля парога

Якуб Колас

Прад жалезнымі дзвярамі
Цёмнага астрога
Жджэ кабетка: хоча бачыць
Сына дарагога.
 
Ох, сынок! Сядзіць, саколік,
За сцяной высокай
У нядолі, паняверцы
І нудзе глыбокай.
 
Хоць бы глянуць адзін момант
На яго, здаецца!
Горка беднай, цяжка матцы,
Сэрца яе рвецца.
 
І стаіць яна, чакае
Доўгія гадзіны...
Злыя людзі — іх не чэпіць
Смутак мацярыны!
 
Хмурна. Золка. Вецер-сівер
Да касцей праймае,
І нясмела падыходзіць
Да дзвярэй старая,
 
Мокры клунак загарнула
Хусткаю старою.
Асцярожна — стук у дзверы
Ззяблаю рукою.
 
Загрымеў ключом турэмнік,
Глянуў у аконца.
– Што табе? — спытаў сярдзіта.
– Ой, маё ты сонца!
 
Ці няможна бачыць сына?
Я здалёк, саколік!
– Апазнілася, старая,
Прыхадзі ў аўторак,
 
 
А цяпер ідзі дадому
І — бывай здарова!
І аконца загрымела
Злосна і сурова.
 
Божа! колькі прастаяла,
Колькі часу ўбіла,
Процьму грошай на дарогу
Марна загубіла.
 
Што рабіць? Хто ёй парадзіць?
Хто ёй растлумачыць?
Да каго пайсці маліцца,
Каб сынка пабачыць?
 
Жаласць к сэрцу падступіла,—
Бедная кабета!
Сын даўно, даўно ў астрозе —
Ужо трэцце лета!
 
Забастоўку зрабіў хлопец
У двары у пана,
І за гэта да астрога
Прывялі Сцяпана.
 
Пастаяўшы, зноў аб дзверы
Рукі абівае:
У начальства знайсці праўду
Думае старая.
 
У наплечніках начальнік
Падышоў к варотам.
– Мой паночак! мой любенькі!
Ой, маё ты злота!
 
Дазволь сына мне пабачыць!
Нетутэйша, пане...
Пашкадуй мяне, старую!
Мокну спазарання...
 
Бачыш — дождж халодны сее
Спорна і абложна...
Паглядзеў начальнік зверам
І сказаў: «Няможна».
Цяжка, цяжанька ўздыхнула
Бедная жанчына —
Налучылася такая
Ёй, відаць, часіна.
 
І зірнула ў жалі маці,
Скрыжаваўшы рукі,
На муры, на дом пакуты
І нязмернай мукі.
 
І ніхто не адгукнуўся
На яе жаданне.
Без адказу засталося
Горкае пытанне.



 
[1909]

Іншыя творы: Якуб Колас