Малітвы Папы Пія

Якуб Колас

Маліўся папа Пій за Мусаліні,
Падняўшы ўгору нос, гарбаты, сіні, –
        На шыбеніцы дучэ апыніўся!
 
За Гітлера Пій-папа слаў літанні,
Карысці ж фюрэр з іх не меў нізвання –
        Атрутаю мышынай атруціўся!
 
Такая папская, вядома, ўжо званіца –
Прыйшла пара для папы зноў маліцца
        За Трумэна, набожнага варʼята.
          Таксама слаць літанні за другога –
        За Чэрчыля куртатага і злога,
        За Трумэнава друга, кума, свата.
 
Ну што ж? Маліся, папа, Божы служка,
Але адно шапну табе на вушка,
        Жаданне выкажу, ды шчырае сугуба:
 
Няхай ён, лёс і фюрэра і дучэ,
Падпальшчыкаў вайны налучыць немінуча,
Каб Трумэн з Чэрчылем і з імі ты «даў дуба».



 
21/ІІ 1952

Іншыя творы: Якуб Колас