66

Якуб Колас

Ёсць яшчэ людзі, сябры і сяброўкі,
Што ўспомняць мяне:
Танк, і Лужанін, і Глебка, і Броўка,
І Маўр зазірне.
 
Прыязным вокам Кандрат непаўторны
Акіне мой дом,
Лынь, у машыне агледзеўшы шворны,
Прымчыцца арлом.
 
Шмат яшчэ хлопцаў, мужчын станавітых
                Мне голас падасць
У дзень двух шасцёрак, старэчых, «масцітых»,
Што ж скажуць пад масць?
 
 
Выгляд мой будзе, нібы маладзею
Дзесяткаў на два,
Быццам бы старасць, мае дабрадзеі,
Мне – тфу! трын-трава.
 
Эхе-хе, братцы! цішком жа з сабою
        Я горка ўздыхну –
Мала ўжо ходу і мала развою,
                А чарку кульну.



 
31/Х 1948

Іншыя творы: Якуб Колас