Дучэ

Якуб Колас

Дучэ, дучэ, шворан восі
Рым — Берлін!
Дучэ стукнулі па носе,
І — амін!
 
Расплылася дымам слава,
Твой задор,
І ляжыш цяпер пад лавай,
Як тапор.
 
Не здабыў ты ні парфіры,
        Ні вянка,
Бо кішка твая на дзірах
І танка.
 
Кідаў мыслі ты пыхліва
Ўдалячынь
І прапаў, бы ў гноі сліва, —
Адпачынь!
 
А набіт, як лепш не трэба,
        Тоўсты чмыс,
Без цябе жывуць Абеба
        І Туніс.
 
Марыў ты здабыць у бою
Чэсць, хвалу,
А нарваў сабе ў разбою
Ты кілу.
 
Час ідзе, пагібель блізка
Для ўсіх зграй.
Дагнівай жа, бруд фашысцкі,
Падыхай!



 
27/VII 1943

Іншыя творы: Якуб Колас