Чуеш, край мой мілы

Якуб Колас

Чуеш, край мой мілы,
Люд многапакутны?
Радуйся, зважай:
Ломіць наша сіла
Чорны стан атрутны
Гітлераўскіх зграй!
 
Славу іх развеяў
Наш савецкі воін,
Волат-багатыр.
Кроўю ліхадзеяў
Сож і Днепр напоен
І халодны жвір.
 
Вераснёўскім громам
Армія збавення
Збіла шчыт-запор,
І над тваім домам,
Край доўгацярпення,
Зораць вочы зор.
 
Усмех сонца шырай
  Свеціць над табою,
Гоніць з долу цень.
Выйдзі з сэрцам шчырым,
З яснаю душою
Воінаў сустрэнь!
 
Абнімі, як сына,
Прыгарні, як брата,
Кожнага байца.
Родная краіна!
Блізка тваё свята,
Радасць без канца.



 
30/ІХ 1943

Іншыя творы: Якуб Колас