За навуку

Якуб Колас

Заціхаюць гоні і даліны,
Павучкі наткалі павуціны
        Ды развесілі на сонцы
        Свае белыя красёнцы.
 
Ходзіць вецер полем з сумным спевам,
Дзе жытцо рунее новым севам.
        Адышло ад нас ты, лета,
        Жаўталісцем лес адзеты.
 
Кончыліся, дзеці, вашы гульні
Каля светлай рэчкі, каля пуні,
        І на жоўценькім пясочку,
        І ў зялёненькім лясочку.
 
Пахавайце вуды, стрэлы, лукі,
Прыступіце, дзеці, да навукі,
        Каб было ўсё акуратна,
        Каб вучыцца на «выдатна».
 
Дык павучымся ж мы зіму шчыра;
Вясна вернецца, а з ёю — вырай,
      Зноў мы слаўна пагуляем,
        Свежых ягад назбіраем.



 
[1937]

Іншыя творы: Якуб Колас