Маці

Якуб Колас

Непрыветна цераз вокны
        Ночка пазірае.
Ціха ў хаце. Ўся сямейка
        Спіць, адпачывае.
 
Натрудзіўшы добра рукі,
        Натаміўшы плечы,
Толькі маці з вераценцам
        Туліцца пры печы
 
Ды прадзе, прадзе кудзельку.
        Скача вераценца,
А за ім густыя цені
        Бегаюць па сценцы.
 
*
 
На камінку гарыць корчык,
        Злотам іскры скачуць.
За аконцам вецер ходзіць,
        Глуха вербы плачуць.
 
Зябнуць вербы на марозе,
        Тулячыся к стрэсе.
Снегам вецер сыпле ў дзверы,
        Ходзіць шум па лесе...
 
І пад гэты шум трывожны
        Думае старая,
А ўслед думкам неспакойна
        Вецер падпявае.
 
*
 
І ўсё ўстала прад вачыма
        Беднае кабеты:
Маладыя дні дзяціны,
        Дзявочыя леты,
 
Радасць жыцця і нягоды,
        Сваркі, трасяніна –
Ўсё, чым жыцце напаткае
        Ў цяжкую часіну.
 
Ўсё прыпомнілася беднай, –
        Горка, цяжка стала,
Галаву набок схіліла,
        Прасці перастала.
 
*
 
Вось і муж усплыў на думу –
        Рана смерць скасіла!
Дробных дзетак ён пакінуў –
        Без пары магіла!
 
Жыў ён бедна. Спадзяваўся
        Свой прыдбаць куточак,
Хату вывесці, зямелькі
        Прыкупіць шматочак,
 
Бо агоркнуў хлеб батрацкі,
        Жыцце падʼярэмна...
Ды не выйшаў з-пад няволі,
        Біўся век дарэмна!
 
*
 
Гасне корчык на камінку,
        Пацямнела ў хаце,
Поўнач пеўні пракрычалі,
        Але не спіць маці.
 
Цягне нітку. Вераценца,
        З рук упаўшы, грукне,
Ды нясмела, як убогі,
        Ў дзверы вецер стукне.
 
Думкі думку падганяюць,
        Не даюць спакою,
Ўсё лятаюць над кабетай
        Нуднай чарадою.
 
*
 
Уздыхнула цяжка маці,
        Аб сынку гадае,
Што ў астрозе, ў паняверцы
        Кару адбывае.
 
І за што? У толк не возьме
        Бедная кабета
Ні законаў гэтых мудрых,
        Ні парадкаў свету.
 
Вецер вые за вугламі,
        Ў коміне галосіць.
Куды толькі думка тая
        Матку не заносіць!
 
Зябнуць вербы на марозе,
        Глуха лес гамоніць.
Думка думку выклікае,
        Думка думку гоніць.



 
[1908]

Іншыя творы: Якуб Колас