Наша сяло

Якуб Колас

Між узгоркаў над ракою
Выглядае сіратою
Наша беднае сяло.
Убраў стрэхі мох калматы,
Набок скрыўленыя хаты,
Як бы ў дол яно ўвайшло.
 
І зліліся ў плех будынкі,
Ў шыбы ўсаджаны лучынкі
Ці анучак цэлы жмут.
Спарахнела наша школа,
Згніў паркан увесь наўкола –
Школка горбіцца, як склюд.
 
Збоку вербачкі крывыя,
Бы кабецінкі старыя,
Нуднай кучкаю стаяць.
Нёман ногі ім змывае,
Вецер голькі іх люляе,
Лісці жаласна шумяць.
 
На прыгорку ў аддаленні
Насып, крушнямі каменне,
Смутна крыжыкі стаяць.
А ўнізе пад іх нагамі,
Спаласканыя слязамі,
Косці родныя ляжаць.
 
Плачуць ветры над магілай,
З песняй нуднай і пастылай
Пралятаючы удаль.
Як успомніш кут свой родны,
Кут закінуты, галодны,
Сцісне сэрца горкі жаль.



 
[1908]

Іншыя творы: Якуб Колас