Саюзнікі

Якуб Колас

Сышліся дзве хвалі, дзве грозныя сілы,
Зліліся ў крывавым віры.
Адна хваля — людзі, другая — гарылы
З фашысцкай смярдзючай нары.
 
Бляднеюць маланкі прад схваткай смяротнай,
І глухнуць у ёй перуны.
На нашай расійскай зямельцы гаротнай
Рашаюцца лёсы вайны.
 
Цяжар непамерны ўсёй глыбай знішчэння
        На плечы савецкія лёг.
А Чэрчыль і Рузвельт? Яны ў захапленні,
На вуснах іх праўда і Бог.
 
Што ім да народаў, да слёз іх, пакуты
Пад жорсткай нямецкай пятой?
Яны не галодны, адзеты, абуты
І кушы бяруць за «пастой».
 
Вайной не закрануты іхнія землі,
        Няма ў іх і цяжкіх ахвяр.
Куды ж ім спяшацца? Тым часам не дрэмле
        Вайною і кроўю гандляр.
 
Ім часу хапае на маршы-палёты,
Каб слоўную множыць смугу.
А з немцам сустрэцца няма ў іх ахвоты,
Аб фронце другім ні гу-гу.



 
22/VIII 1943

Іншыя творы: Якуб Колас