Засада

Якуб Колас

Над заціхшаю дарогай
Лес развесіў плашч-шацёр.
Не чутно нідзе нічога,
Лес стаіўся і замёр.
 
  Ахінула ноч прасторы
Чорным полагам-руном.
Дуб стары на касагоры
Спіць трывожным, чуткім сном.
 
Прытуліўшы плечы к дубу,
        Цішу ловіць вартавы.
А чыю варожыць згубу
Над балотам крык савы?
  Глуха ў лесе. Дзесь далёка
Неба свеціцца ў агні.
Не спускай, дазорны, з вока
Шлях знямелы, не засні!
 
Чуеш — гул? Гудзе дарога.
Скалыхнуўся сонны бор.
З дуба, волата старога,
        Падае́ сігнал дазор.
 
 
  *
 
  З-пад комляў шурпатых,
З гушчэчы лясной
Ваякаў, надзейных
Выпоўзвае рой.
 
Вядзе іх ляснічы
Праз дзікі гушчар;
Ідуць партызаны,
Рыхтуюць удар.
 
Бясшумна, як цені,
        Аточваюць шлях.
Вінтоўкі, гранаты
У іх у руках.
 
  Абапал дарогі
Залеглі, ляжаць,
А там аж якоча
Пад коламі гаць.
 
  Паўзуць, як страшыдлы,
Армады машын —
  Стары і вядомы
        Нямецкі то клін.
 
Узлесак мінае
Змяіны іх хвост.
Глядзяць партызаны
З ляснічым на мост.
 
 
Атульвае мосцік
Унізе імгла.
Там загадзя ўночы
Хадзіла піла.
 
Падкопвала насып
        Рыдлёўка тайком, —
Змагайся, як можаш,
З фашысцкім ваўком.
 
Калона ўжо блізка,
Гудзе бранявік,
На мост набягае,
Ускочыў і — брык.
 
Сталёвая глыба
Нырае на дно,
І следам другая —
        Бабух у багно.
 
Заляскала рэзка
Аб броню браня.
Пайшла завіруха,
Пайшла сумятня.
 
Ляціць грузавая
Наўзбоч пад адкос.
Загаўкалі гады,
Крычаць: — Was ist los?
 
Ў адказ ім жалезны
        Пасыпаўся град.
Рвуць гадаў на часці
Асколкі гранат.
 
  *
 
Запазніўся месяц цьмяны
Стаць на варту ў гэту ноч
І не чуў, як партызаны
Білі злосных патароч.
 
 
Толькі зараз ён пабачыў,
Як свяціўся касагор,
Дзе магутны дуб маячыў,
        Дзе гарэў машын касцёр.
 
І ўсё ціха ў лесе стала.
На шляху датлеў пажар.
Зложыць нам былін нямала
Беларускі лес-гусляр.



 
8/ХІ 1941

Іншыя творы: Якуб Колас