Янка

Якуб Колас

Ідзе пʼяны Янка,
Тупае нагой,
Злосна ён скрыгіча
І крычыць — «Далой!..»
 
Пачуў Янку стражнік
Ды за ім ступой.
Янка ідзе далей
І крычыць — «Далой!..»
 
Стражніку ахвота
Янку ўзяць рукой,
Ўзяць бы, падказаў бы
Крыкнуць, што «далой»,
 
Ды не дурань Янка,
Ўладае сабой,
Гуркае праз зубы
І крычыць — «Далой!..»
 
Стражнік выцяг шыю,
Як бы бусел той,
– Ну, ну, кажы далей,
Што крычыш: «далой»?
Янка не шманае,
Круціць галавой:
– Не, не скажу, браце,
Што хачу «далой».



 
1908–1910

Іншыя творы: Якуб Колас