Звон шыбаў

Якуб Колас

Ноч маўкліва. Цёмна, глуха.
Прылажыла чутка вуха
За акном старая вішня.
Штось прамовіць: шу-шу-шу!
І заціхне, бы баіцца
Памыліцца
І сказаць што-небудзь лішне.
Я лажусь, агонь тушу.
 
Неба хмурна, непрыветна,
        Зрэдку ветрык чуць прыметна
Скулься ціха набягае
І галінкі згайдане
І знікае ці дзесь далей
Бяжыць хваляй,
Байку-тайнасць ціха бае
Анямелай цішыне.
 
Ў хаце ціха, нават жудка.
Ловіць зыкі вуха пудка:
Звоніць шыбка штось жалобна —
        Дррон-дррон! ціха бразгаціць.
Чуць счакаўшы, новым звонам,
Нізшым тонам
Так жа нудна, так жа дробна
Шыбка новая звініць.
 
Няма ветру, ўсюды ціха.
Шыбы ж звоняць — што за ліха?
Хто ў іх стукнуў? Хто чапае?
Ці то знак хто хоча даць,
        Што згубілі мы дарогу,
                        Бʼе трывогу.
 
Ходзіць, прасцерагае
І накладвае пячаць
На шляхі, дарогі тыя,
Дзе крыжы згнілі старыя,
Ці зумыслу пазнімалі,
Як аджыўшыя свой час.
Хто такі ён? Невядомы,
Незнаёмы,
А мо дзе і сустракалі,
        Мо з ім бачыліся з раз.
 
І так сцішна, чагось смутна,
Шкло спявае ўсё пакутна;
Толькі ж думка не згадае,
Што гуторыць гэты спеў,
І не хоча супыніцца,
Пагадзіцца
З тым, што сэнсу не ўчытае:
Ці то жалаба, ці гнеў?
 
Шыбы звоняць і спяваюць,
        Песню скончаць, зачынаюць,
То павысяць яны голас,
То замлеюць, то замруць.
Жаль ў іх песні сэрца чуе
І гаруе.
Шклечка ж звоніць ўсё раз-пораз,
Не дае ўсё мне заснуць.



 
1921

Іншыя творы: Якуб Колас