Песня аб песні

Якуб Колас

Адзвінелі песні лета,
І ты, песня сэрца, спета,
Спета без пары!
 
Бо не чула родных тонаў
І сугучных сэрцу звонаў,
Дык засні, замры!
 
Я ж табе на развітанне
Замест жальбы-прычытання
Слоў саўю вянок.
 
Прыгадаю табе лета.
Ткаў красёнцы нам да света
Нашых мар чаўнок.
 
Прыгадаю сны і зʼявы,
Лес дубовы, кучаравы,
Збор малін, суніц.
 
 
Прыгадаю табе жніва,
Каласы на зжатай ніве,
Гучны звон крыніц.
 
Прыгадаю сад, а ў садзе
Словы-жарты ў добрым ладзе
У вячэрні час.
 
Прыгадаю табе клуню,
Дзе віталі мы красуню,
Ды ў апошні раз.
 
Спі ж спакойна, песня-скруха,
Бо другое сэрца глуха,
А былое — зман.
Зман вачэй, зазыў і словы —
Тым вачам зазыў не новы,
Разгані ж туман!
 
І што скажуць зоры-вочкі,
Калі гэтыя радочкі
Пройдуць, прабягуць?
 
Ці ж іскрынкі, блеск прыгожы,
Ёй самой — да быць не можа! —
Як і нам, салгуць.
 
Не пачулі мы ні разу
Ні прывету, ні адказу —
Годзі ж, не спявай!
 
Забудзь зоры-вачаняткі!
Спі, засні, маё дзіцятка!..
Ай, люлі, люляй!



 
9/ХІ 1932

Іншыя творы: Якуб Колас