Жыве між нас геній

Якуб Колас

З глыбінь жыватворчых народнага духа
Прыйшоў ён світаннем да нас,
Ён праўду і мудрасць народа падслухаў,
Каб споўніць народа наказ.
 
Ён зрокам прарочым угледзеў разлогі,
Што людзям нябачны былі,
Ён, Ленін, азначыў, акрэсліў дарогі
У новую праўду зямлі.
 
На гонях раскутых, на нівах калгасных
        Ляжыць яго праўды пячаць,
І мудрыя словы так проста і ясна,
Як вечныя песні, гучаць.
 
Гучаць яны ў шуме, дзе плынь маладая
Разгортвае сілы ўглыб, шыр.
У песнях і думах бязмежнага края,
Як сонца, жыве правадыр.
 
Жыве ён у гомане-гудзе заводаў,
У ясных крамлёўскіх агнях,
У нашым яднанні, у дружбе народаў
        І ў сталінскіх зоркіх вачах.
 
Жыве ён з Чырвонаю Арміяй нашай
І дзеліць паходы яе,
І сэрцу героя, і волі бясстрашных
Імя яго сілу дае.
 
Між нас жыве Ленін, як сонца, як зоры,
Як мудрасць вялікай зямлі,
І сее праменні, агні непакоры,
Каб людзі шчасліва жылі.



 
Студзень 1943

Іншыя творы: Якуб Колас