Пад спеў ветру

Якуб Колас

Вее вецер, свішча ў коміне,
Горка плача, надрываецца;
І цяпер мне тая музыка,
Як жывая, ўспамінаецца.
 
Помню хатку я старэнькую,
Што між лесу загубілася,
Каля хаты вярба ніцая
Да страхі галлём схілілася.
 
Ночка зімняя, халодная...
          Вецер дзьме не сунімаецца,
А над лесам гоман-шум густы
Гудам-гулам разліваецца.
 
А у комін вецер песенькі
Напявае тонкім голасам
І па стрэсе снегам шорхае,
Нібы жыта спелым коласам,
 
То нясмела ў дзверы стукне ён,
Як бы ў хату, бедны, просіцца,
То пад воканнем закруціцца
          Ды так горка разгалосіцца!
 
І прыціхне на хвіліначку,
Сілы-моцы набіраецца.
Ные сэрца, ные-смуціцца.
На спеў ветру адзываецца.
 
Помню, помню сваю хатачку,
Маю родную, далёкую;
Як успомню – жаль агортвае
Маю душу адзінокую.



 
[1908]

Іншыя творы: Якуб Колас