Наш родны край

Якуб Колас

Край наш бедны, край наш родны!
Лес, балоты і пясок...
Чуць дзе крыху луг прыгодны...
Хвойнік, мох ды верасок.
 
А туманы, як пялёнка,
Засцілаюць лес і гай.
Ой ты, бедная старонка!
Ой, забыты Богам край!
 
Наша поле кепска родзіць,
Бедна тут жыве народ,
У гразі жыве ён, ходзіць,
А працуе – льецца пот.
 
Пазіраюць сумна вёскі,
Глянеш – сэрца забаліць.
На дварэ – паленне, цёскі,
Куча сметніку ляжыць.
 
Крыж збуцвелы пры дарозе,
Кучка топаляў сухіх...
Сцішна, нудна, бы ў астрозе
Ці на могілках якіх.
 
А як песня панясецца –
Колькі ў песні той нуды!
Уцякаў бы, бег, здаецца,
Сам не ведаеш куды.
 
Край наш родны, бедна поле!
Ты глядзіш, як сірата,
Сумны ты, як наша доля,
Як ты, наша цемната.



 
[1906]

Іншыя творы: Якуб Колас