Савецкай Беларусі

Якуб Колас

Безыменнай, безгалосай
Ты была, краіна.
Аб тваім гаротным лёсе
Вецер песні ў свет разносіў,
Плачучы пад тынам.
 
Люд твой бедны, занядбаны
Жыў у вузкіх межах,
Век галодны, абарваны,
Сеяў, жаў, касіў на пана,
Сошкай дол мярэжыў.
 
У сырых, куравых хатах,
Пад шум, дым лучыны
Плёў ён лапці, світку латаў,
Праклінаў адвечных катаў,
Баяў сказ-быліны.
 
Неадступна, пільна, строга
Ліха вартавала,
Ды адною з ім дарогай
З клункам, з торбаю убогай
У свет вандравала.
 
Калыхала яго дзетак
Тое ліха-гора,
Ды з палетка на палетак
Слёзы несла шчодра гэтак,
Як пясок у мора.
 
Не краналі Бога слёзы,
Іх не чула неба.
Гнуўся люд твой, нібы лозы,
Жыў пад страхам, пад пагрозай
Не мець куска хлеба.
 
 
    *
 
Ты кроўю паліта, зямелька, багата.
І пан тут таптаўся, і кайзер пракляты.
 
У бляску пажараў знікалі сялібы.
Цябе асудзіла звярʼё на пагібель.
 
Ішлі генералы, паўзлі атаманы,
На вольныя гоні кавалі кайданы.
 
І розная нечысць брыла ўслед за імі,
Ды труп старой гнілі ніхто не падыме.
 
Паўсталі народы рэспублік савецкіх —
З Украіны светлай і з шахтаў данецкіх,
 
І з Волгі, і з Дона, і з Камы, з Урала
Магутная сіла народа паўстала.
 
Армяне, грузіны, башкіры, татары,
Казахі, кіргізы, як грозныя хмары,
 
На ворагаў лютых абрушылі сілу
І злых акупантаў дашчэнту скрышылі.
 
І вольнай дзяржавай, краіна, ты стала
І слаўнай работы зрабіла нямала.
 
Усюды дарогі пралеглі, як стужкі,
І ходзяць машыны, сталёвыя служкі,
 
І пожні, і нівы цвітуць на балоце,
І выраслі людзі на новай рабоце.
 
Квітнее культура, красуюцца школы,
І песні спявае народ твой вясёлы.
На нашых заводах, на полі калгасным
Адсвечвае розум сталінскі ясны.
 
Настаўніку-бацьку, народам-ваякам
Ад сэрца прыносім вялікае дзякуй!
 
 
      *
 
Ходзіць гоман з хаты ў хату
З радаснай навінай:
Год святкуе свой дваццаты
Вольная краіна!
 
Разагнула стан дзявочы
Беларусь магутна,
Пахаваўшы лёс сірочы,
Панскі гнёт атрутны.
 
Збеглі з твару яе цені,
А ў вачах-аконцах
І іскрыцца, і струменіць
Сталінскае сонца.
 
У вянку калоссяў спелых
З жыта і пшаніцы
Яна побач з вамі села,
Родныя сястрыцы,
 
Што адзінаццаццю зорак
Свеціце на свеце
У світанне, адвячорак,
Новай зямлі дзеці!
 
Свет расчынен вам прасторны,
Зняты ўсе парогі,
Каб пракласці шлях свой торны
Сталінскай дарогі.
 
Дык ідзі ж, мая краіна,
Гулкай, светлай хваляй,
Узнімайся ў верхавіны
Яшчэ вышай, далей.
 
З новым шчасцем, з новым годам,
Родны край Саветаў!
Слава ўсім тваім народам,
Дружбаю сагрэтым!



 
21/ХІІ 1938

Іншыя творы: Якуб Колас