Ці ж то гэтак трэба?

Якуб Колас

Грошай я не маю,
Не каштую хлеба;
Часам запытаю:
Ці ж то гэтак трэба?
 
А праз маю хату
Свеціць ясна неба,
Світка мая ў латах...
Ці ж то гэтак трэба?
 
Мае пан лясочак,
Ў полі, як тук, глеба,
А ў мяне пясочак...
Ці ж то гэтак трэба?
 
Людзі мруць, як мухі,
Дзе ўжо тут лячэба?
Коціць з галадухі...
Ці ж то гэтак трэба?
 
Нам зямлі няхватка,
Хоць ты лезь на неба.
Раюць Сібір, братка...
Ці ж то гэтак трэба?
Трацяць грош без толку.
Як стаіць вучэба?!
Ўвялі манапольку.
Ці ж то гэтак трэба?
 
«Не збірайце грошы», –
Кажа той пра неба.
Сам нябось харошы!
Ці ж то гэтак трэба?
 
Багачоў шануюць,
Ціснуць, страх, Язэба.
Як хочуць, пануюць...
Ці ж то гэтак трэба?
 
Стала у свабодзе
Пільная патрэба.
Не даюць ды годзе...
Ці ж то гэтак трэба?
 
Канстытуцыя наша
Проста так, нязгрэба...
Ні крупнік, ні каша...
Ці ж то гэтак трэба?



 
21 красавіка 1909 г.

Іншыя творы: Якуб Колас