Сябрам-выгнаннікам

Якуб Колас

Гэй вы, смутныя,
Гэй вы, бедныя,
Мае мілыя
Сябры-згнаннікі!
 
Ці вы сіраты
У сямʼі людской,
Што глядзяць на вас
Вокам ворагаў?
 
Ці разбоем вы
Даставалі хлеб,
Што караюць вас
Горш за злодзеяў?
 
Або ў вас няма
Сілы, розуму,
Што прытулкі вам
Пазачынены?
Ці то сэрца ў вас
Цвярдзей каменя,
Што ад вас браты
Адракаюцца?
 
Не! Душа у вас,
Сэрца – добрыя,
Думкі чыстыя,
Мыслі ясныя!
 
Толькі вам няма
Долі-радасці,
Сіла цёмная
Вас прыціснула.
 
Гэй, выгнаннікі,
Сябры любыя,
Да канца, браты,
Будзьма цвёрдымі!



 
[1907]

Іншыя творы: Якуб Колас