Не дамся

Якуб Колас

Вось мяне і пасадзілі,
Каб сялян не бунтаваў;
Мяне білі і судзілі,
Па «ўчастках» валачылі,
А цяпер сюды папаў.
 
Што ж, Язэпка! Чысць куточкі,
Балазе што многа цьмы...
Ды не думайце, паночкі,
Што спужаўся я турмы!
 
Хоць каму, а жыць тут трэба,
Каб астрог не пуставаў.
Доля выбрала Язэпа –
Жуй, Язэп, скарынку хлеба,
Покі Гурка не раскраў.
 
Жуй, хоць плачуць твае вочкі –
І да слёз прывычны мы...
Ой, не думайце, паночкі,
Што спалохаўся турмы!
 
Праўда, жыць тут не салодка:
Харч свінячы – лепшы стол,
Пухне пуза, як калодка,
Але голад, брат, не цётка:
Ем бурду іх, як той вол.
 
Што ж, Язэпка, гора змальства,
Беднасць гнала да сумы...
Эх, не радуйся, начальства:
Не злякаўся я турмы!
 
Вось адбуду тэрмін гэты,
Выйду я на свет з муроў,
        Зноў за кніжкі, за газеты...
Вось вам, «плешкі-эпалеты»:
Не баюся я «шнуроў»!
 
Хоць навіслі густа хмары,
Хоць на змор мяне бяруць, –
Не! мяне не справяць кары,
Толькі злосці паддадуць!



 
3/ІІ 1909

Іншыя творы: Якуб Колас