Маёй каханцы

Якуб Колас

Я пайду да яе, да каханай маёй,
      Каб ізноў яе голас пачуць.
Няхай думкі мае пабягуць чарадой,
        Як чародкамі хмаркі плывуць.
 
І я волю ім дам, дзе ім люба ляцець,
        Як ляталі, бывала, даўней.
Палячу з імі сам, буду песні там пець,
        Каб адчуць сваё шчасце паўней.
 
 
Не скажу толькі я, што мне люба яна
        І як добра мне з ёю пабыць,
Бо каханка мая, мая радасць — сасна,
        Што пры лесе, як панна, стаіць.



 
1922

Іншыя творы: Якуб Колас