Восеньскае

Якуб Колас

1
 
Зачынае гоман вецер непакорны
На суровы лад.
Халадзеюць ночы. Шлях ярчэе зорны.
Дні ідуць на спад.
Згорбленая восень пад руку з вятрамі
Клыгае ў імжы
І гірлянд пажоўклых на калгаснай браме
Гойдае брыжы.
Кончылася лета. Адзвінелі песні,
                Громы навальніц...
Шкадаваў я колісь у сваім прадвесні
Чуткіх зараніц;
Смуткаваў па леце, як па той каханай,
Што ўзяла спакой,
І ў цішы самотнай з дум усхваляваных
Я вянкі віў ёй.
Многа з таго часу дзён сплыло суровых,
Многа лет прайшло,
І на свет гляджу я сёння з вышак новых
                Праз другое шкло.
Бачу і чытаю іншыя скрыжалі –
Credo нашых дзён:
Вольныя пуціны, сонечныя далі,
Без канца разгон.
І я ў захапленні, радасны і горды
За свой край, народ,
Убіраю ў сэрца дзіўныя акорды,
Творчай сілы ўзлёт...
Вось чаму я сёння не тужу па леце,
                Па сваёй вясне
І па тым, што колісь навяваў мне вецер
У юнацкім сне.
 
29/VIII 1935

2
 
Зямля савецкая
 
Многа было сварак, боек, калатэчы
За цябе, зямелька,
Родная ты наша!
Пільнавалі межаў, хаты свае, печы,
Вузенькіх палосак
І гібельнай пашы.
 
Не жылі – марнелі на ваччу з павязкай:
                Свет быў нам зачынен,
Не было разгону.
Сёння гэта ліха – злыбедная казка,
Дзікі сон-навала,
Вынікшы з прыгону.
 
Выйдзіце на поле ды зірніце, братцы:
Не акінеш вокам
Польнага разлога!
Гоні – край-прыволле, ёсць на чым разняцца.
Легла ты шырока,
                Сельская дарога!
 
Пазнікалі межы – нудныя адзнакі
Цёмнага бязволля,
Жуткага бязвыйсця, –
Шыр і безбярэжжа, дзе вятры-гулякі
Ходзяць станавіта,
Як сваты калісьці.
 
Гэтакіх прастораў і паны не мелі
І не будуць мець іх,
Трутні, абармоты:
        Вырвалі мы з корнем тое пустазелле,
Што смактала сокі
З чорнае галоты.
 
Час не так вялікі, а якія змены!
І зямля не тая,
І не тыя людзі.
Сходзіць быль-пачвара, як ад сонца – цені,
У рабоце дбалай,
У няспынным гудзе.
 
Глянеш – не пазнаеш сёння ты краіны:
                На балотах-багнах
Выраслі пасёлкі,
Засвяцілі ў цемры замест той лучыны
Ільічовы лямпы
Ветла, як вясёлкі.
 
Праляглі утульна праз лясы, праз нетры
        Ільняным абрусам
        Роўныя дарогі.
Едзеш – сэрцу ўцеха, лічыш кіламетры, –
        А іх гэтак многа,
                А яны так строгі!
 
А надыйдзе жніва – высыплюць брыгады,
        Загрукоча трактар,
        Загудуць машыны.
Ці ж калі мы снілі аб такіх парадах,
        Аб рабоце дружнай
        Гуртавой сябрыны?
 
Не цягае маці за сабой калыску
        На кастлявай спіне
        Ў жніўны час гарачы,
        Не пачуць у полі здушанага піску:
Нашы дзеці ў яслях,
У садах дзіцячых.
 
І аб нашых дзецях сёння мы не тужым:
Свет ім разгароджан,
Ім дарогі гладкі,
Каб расці і выйсці пакаленнем дужым,
Новым пакаленнем
Бальшавіцкай складкі.
 
Нашы дзеці сёння – самі камандзіры,
                Лётчыкі-героі,
Докі-інжынеры.
То ж яны схадзілі дзікія Паміры
І ў паўночны полюс
Прабіваюць дзверы!
 
Хто штурмуе неба ды ідзе ў дазоры,
Дзе ніхто ніколі
Не хадзіў у свеце?
Хто спыняе рэкі і злучае моры?
Гэта нашы людзі,
                Гэта нашы дзеці!
 
Гэтакіх герояў, ды такіх адданых,
Выхавала мудра
Партыя і Сталін.
Сходзяць з зямель нашых мутныя туманы,
Што ні дзень, то болей
Сонечных прагалін.
 
Вось чаму я сёння, на ушчэрбе лета,
Не тужу па леце,
Як тужыў калісьці,
        Бо ж і песня-радасць намі не прапета,
Бо ж вясна гучыць мне
І ў пажоўклым лісці.
 
6/ІХ 1935

3
 
Учора і сёння
 
Пісала нядоля
Свой напіс закляты
На сценах драўляных
Закуранай хаты.
 
А сцены буцвелі,
А лёс быў той самы,
І злыбедзь стаяла
Дзень-ноч каля брамы.
 
З саломай па стрэсе
Вятры гаманілі.
Мы слухалі доўга
Суровыя былі
 
Пра голад, бяспраўе,
Галечу, паборы...
Няветла свяцілі
Халодныя зоры.
 
У вокны глядзелі
        Тужлівыя ночы,
Спявалі завеі
Пра лёс наш сірочы.
 
Паны-ліхадзеі
Дабро наша жэрлі,
Мужыцкія ж дзеці
Гібелі і мерлі.
 
Вось так і жылося
Пад Богам і панам,
Ды ўспомніў Кастрычнік
        Пра нас занядбаных.
 
Жахнула маланка
Нясцерпнага гневу,
Агнямі прабегла
Грымотнага спеву.
Апалі туманы,
Смуга векавая,
І выйшла ў прасторы
Дарога крывая.
 
Змоўкла сёння песня ліхаты-жалобы,
        Рухнула закляцце вякоў.
І мы сталі людзі, знатныя асобы,
Ды сапраўднай маркі і не нізкай пробы,
Хоць мы дзеці простых бацькоў.
А «мужык», як мера ганьбы і знявагі,
Кануў вечным правам і квіт.
Мы – народ калгасны, вольныя трудзягі
І зямлі Савецкай горда носім сцягі,
Новае аблічча ў нас, від.
Самі брыгадзіры, самі аграномы —
        Партыя дала нам правы.
З партыяй прайшлі мы навальніцы, громы,
Страсянулі крэпка панскія харомы,
Біліся з панамі, як ільвы.
Ды затое ж сёння ты не згледзіш пана,
Драла за граніцу даў пан
І адтуль цікуе хціва, надзімана.
Глядзі — не глядзі, пан, а зямля забрана,
Сунешся — і згубіш жупан.
І ў палацах панскіх самі гаспадарым,
        Ладзім клубы, яслі, сады,
Каб наш пот калішні не загінуў дарам,
І канец кладзём мы панскім глупым марам —
Досыць нам ксяндзоўскай брыды.
Сёння мы не тыя, іншыя мы сталі —
Новы нарадзіўся народ,
Перад намі яснасць, ветласць яркай далі,
Партыя нас вучыць, а вядзе нас Сталін.
Смела мы глядзім упярод.

4

За новую вёску
 
Драўляныя хаты, салома і мох
                Такая старынка, ох-ох.
Сляпыя акенцы, пабітае шкло
Не хаты, а так — барахло.
Кудлатыя стрэхі, ламачына, гніль —
Не наш ён, не наш гэта стыль.
Эх, хаты-хібаркі! Жабрачы ваш від
Сам просіцца, сам у нябыт.
 
Даволі глядзелі вы ў цемры вякоў,
Прытулкі нуды, прусакоў.
Вы — прыкрыя плямы, вы — шэрані цень,
                Што цьмяніць наш сонечны дзень.
 
Вы роблены горам, бядачай рукой —
Пара вам, пара на спакой.
А ваша убоства, сэнс даўніх падзей,
Пакажа нам заўтра музей.
 
Замест жа хібарак, панылых цямніц,
Наставім прыгожых святліц.
Аздобім садамі, дамо ім прастор
На наш, на савецкі узор.
 
Каб лашчылі вока і ўтульны былі –
                Мы ж людзі свабоднай зямлі.
Няхай заграніца, зірнуўшы на нас,
Адчуе, што значыць калгас.



 
25/ІХ 1935

Іншыя творы: Якуб Колас