Слава Арміі Чырвонай

Якуб Колас

Пазірае ноч у вокны
Мутным вокам мжы,
Ды ўсё булькаюць маркотна
Кроплі ў капяжы.
 
Можа часам закалыша
Мяне шэпат-звон.
Я не сплю. Навокал ціша.
Не прыходзіць сон.
 
Думкі ж мкнуцца ў свет шырокі —
                Шмат для іх пуцін.
І я ўспомню край далёкі,
Дзе мой брат і сын;
 
Край суровы і пануры
Між азёр і скал,
Дзе грыміць не голас буры,
А гарматны шквал.
 
Паўстаюць малюнкі, зʼявы,
Водгулле вайны.
І байцы — мае дзяржавы
                Верныя сыны, —
 
 
Як жывыя, прада мною
Ўстануць у вачах.
Чую сэрцам і душою,
Як цяжкі іх шлях,
 
Дзе на кожным кроку здрада,
Безліч скрытых мін,
Дзе лавушкі і засады
Ставіць белафін.
 
Ды нішто спыніць не можа
                Вольнай сілы рух,—
Гнецца, рвецца стан варожы
І яго ланцуг.
 
Па крывых дарогах, сцежках
І па схілах гор
Ззяе сонечнай усмешкай
Жар армейскіх зор.
 
Ідуць смела і сурова
Пад напеў пургі,
І законы праўды новай
                Нясуць іх сцягі.
 
Гэта праўда — дружба, згода,
Творчай працы шыр,
Разняволеных народаў
Непарушны мір.
 
Пад магутнай абаронай
Гляне сонца й там.
Слава Арміі Чырвонай
І яе сынам!



 
10/ХІІ 1939

Іншыя творы: Якуб Колас