Народу-барацьбіту

Якуб Колас

Няхай землю імгла аблягае
І звісае над ёю туман, —
Іх разгоніць вясна маладая,
Вытча новы зямлі сарафан.
 
Няхай цёмная сіла сваволіць
І злы намысел тоіць варʼят, —
Не было і не будзе ніколі,
Каб хадзіў ясны месяц назад.
 
Няхай вораг-звяруга лютуе
        І навалаю чорнай плыве, —
Ён магілу сабе сам рыхтуе
Пад асінаю ў дзікай траве.
 
  Няхай доўгія ночы находзяць
І трывожныя веюць вятры, —
Іх адолееш ты, мой народзе,
І табе зложаць гімн песняры.
 
Дык гуртуй жа магутныя сілы —
Вораг люты штурмуе наш дом.
Ты абруш на яго прах магілы,
        Разразіся над ім перуном!



 
16/Х 1941

Іншыя творы: Якуб Колас