Як і калісь

Якуб Колас

Быў малы я, думаў часта,
Як дадуць мне чосу:
«Пачакайце, і на вас я
Прыпасу атосу!
 
Дайце толькі акрыяць мне,
У гадкі ўвабрацца!»
А пакуль што ўсім старэйшым
Мусіў пакарацца.
 
Я тым часам падрастаю.
Аддалі вучыцца.
Не дагодзіш настаўніку,
І пачне сварыцца!
 
Але добра, калі сваркай
Сойдзе завіруха,
Ды ў тым гора, што настаўнік
Часта трос за вуха.
 
«Ну, пастой жа! Жыў не буду,
А за тыя здзекі
Не дарую, толькі б выйшаў
З-пад твае апекі!»
 
Так за лаўкаю памысліш,
Вуха ўзяўшы ў жменю,
І цішком кулак сціскаеш,
Сунуўшы ў кішэню,
 
Ды цярпіш, ды зносіш крыўды,
Помсты час жадаеш.
Час ідзе — а ты ў залежнасць
Болей пападаеш.
 
Вось я вырас, і пад носам
Вусы высядаюць.
А мяне навокал чубяць,
Клёваюць, ўшчуваюць.
 
Накіпела ў сэрцы гневу,
Злосці поўны косці.
Не стрываў я, разгарнуўся —
Я ж вам, ягамосці!
Пачакайце ж, калі гэтак!
То ж я не кусаўся!
Годзе крыўды! Досыць здзеку!
Ўзяў ды ўзбунтаваўся
 
Супраць ўлады і парадкаў!
А хіба ж я ўломак?
Хай сабе на погляд шчуплы
І не так-та ёмак.
 
Ускіпела тая ўлада,
Гоніць у тры шыі.
«Ведай, гад, пачым фунт ліха,
Помні — ты ў Расіі!»
 
Трэслі, трэслі, калацілі,—
  З жалю хоць разбіся,
Ды ў астрог нарэшце садзяць
Там, моў, схамяніся.
 
Вось за кратамі сяджу я,
Горш мяне ўшчуваюць,
З аднэй камеры ў другую
З сенніком ганяюць.
 
Я іду, куды мне кажуць,
Ды бубню сам сціха:
«Пачакайце! Адсяджу я,
Перабуду ліха!»
 
Ценем крыўда йдзе за мною
Аж да сёй часіны,
Кулак згорнуты ў кішэні,
Як і ў дні дзяціны.
 
І даюць мне, як і колісь,
Запраўскога чосу.
Што рабіць? У век патомкаў
Перадаць атосу.



 
1912

Іншыя творы: Якуб Колас