Грошай я не маю

Якуб Колас

Грошай я не маю
І не маю хаты.
Усё маё багацце
Клунак, кій сукаты.
 
Крэпкі мае рукі,
Сілу маюць ногі,
Але што не вольны
Сцежкі і дарогі.
 
Крылле мне звязалі
І не маю волі,
Вось дзе глеба смутку,
Вось дзе корань болю.
 
Каб мне Бог зʼявіўся
Ды сказаў: – Іване!
Прасі чаго хочаш,
Споўню ўсё жаданне.
Я сказаў бы Богу:
– Божа літасцівы,
Вазьмі ў рай жандараў –
Буду я шчаслівы.



 
Якуб Колас, 1908

Іншыя творы: Якуб Колас