Самому сабе

Якуб Колас

Мінуў яшчэ адзін мой год,
Год самы цяжкі, самы горкі,
Не так мне свецяць месяц, зоркі,
Бо я адзін цягну паход.
 
Мой лепшы друг згас у пуці.
Глядзець на рэчы можна розна.
Другога ж друга шукаць позна,
І друга мне ўжо не знайсці.
 
 
Ці то ад суму і нуды
        На спад пайшлі здароўе, сілы.
Праціўна цемра мне магілы,
Бо сэрцам я ўсё малады.
 
Дык што ж? Бяры паходны кій,
Дыбай памалу, браце, далей,
Не захапляйся хітрай краляй,
Жыві, пакуль жыў, і не ный!
 
Твая сямʼя — сябры, твой край —
Ідзі наперад разам з імі.
Народ прыветна ўсіх нас прыме.
        Дык так, старэчына, дыбай!
 
Няхай старыя твае дні,
А стрэнеш радасць і уцеху,
Дык ты яе, каб не мець смеху,
Цішком да сэрца прыгарні.



 
3/ХІ 1945

Іншыя творы: Якуб Колас