У вераснёўскі вечар

Якуб Колас

Лагодны вечар, ціхі, вераснёвы.
Кучомкі хвой замлелі ў цішыні,
І мой дубок не зрушыцца ні-ні,
І я маўчу, ніжу на слова словы.
 
Адзін я тут, а горад, смуглы, ніцы,
У цемрадзі схаваў журбу руін,
І толькі выплыве на міг адзін —
Не дом — шкілет пры ўзлёце бліскавіцы.
 
Далёка дзесь на цёмным небасхіле
        Пабліскваюць маланкі раз-параз,
Нібы не верасень, а жнівеньскі той час,
Калі цяплынь у поўнай яшчэ сіле.
 
Хоць можа верасень аплаціць золкасць лета
І дні яго, што мыліся ў дажджы.
І раптам — журавы! Крычаць: «Дабра не жджы!
Не час цяплу, і песня яго спета».
І чую ў крыку тым я праўду і дакоры,
Што год прайшоў і блізка час зімы,
А працы шмат... Ці шмат жа ўспелі мы,
        Каб раны залячыць і сцішыць наша гора?
 
Турботных рук патрэбна многа ўсюды,
Каб зняць праклятае кляймо вайны.
Вышэй узлёт раскутых сіл буйны!
Народ-герой! Тварыць ты можаш цуды...
 
Праз цёплы мрок у вечар вераснёвы,
Дзе свецяцца прыветныя агні,
Паказваюць свой твар мне заўтрашнія дні
І родны край, збудованы нанова.



 
28/ІХ 1945

Іншыя творы: Якуб Колас