Святлане

Якуб Колас

Ці то позна, ці то рана,
Я сябе пытаю:
Дзе цяпер яна, Святлана?
Як яе спаткаю?
 
Ці вясёлай ды лагоднай,
Як лісток цюльпана?
Ці зірне расой халоднай
На мяне Святлана?
 
Як жыве? Што адчувае
        Цвет Узбекістана?
І заўсёды як жывая
Прада мной Святлана.
 
Эх, Святлана! Што прыгожай
Ёсць за гэта імя?
Я ж на сумным раздарожжы
І стаю, бы ў дыме.
 
Бо я ведаю: ніколі —
Не хачу я зману —
Не давала думкам волі
        Аба мне Святлана.
 
Вось чаму я так гарую
І мне так пагана:
Адступілася, я чую,
Ад мяне Святлана.
 
І што мне сказаць на гэта?
Ные ў сэрцы рана.
Насмяялася з паэта
Цвет-краса Святлана.



 
12/IV 1943

Іншыя творы: Якуб Колас