Пад Новы год

Якуб Колас

Ноч глухая, цьма, завея,
Не відно і свету,
Толькі снег адзін бялее,
Ў шэрань лес адзеты.
 
Ні праезду, ні праходу,
Белы пыл у полі,
Як бы тут дарожак з роду
Не было ніколі.
Свішча, плача і галосіць,
                Вые завіруха,
Хаты, гумны, ўсё заносіць
Гурбамі наглуха.
 
Цісне, крэпіць халадзішча,
Проста ліпнуць вочы.
Божа, што тут за ігрышча,
За смех патарочы!
 
А хто ходзіць полем-логам
        Ў снезе па калені?
На пакуту, бачна, Богам
                Выгнаны дзве цені.
 
Чаго ходзяць? Што шукаюць
Сярод цьмы-нягоды?
Гэта ходзяць, азіраюць
Божы свет два годы.
 
У Старога за плячамі
Мех стары трасецца,
Малады год пад дарамі
Ажно крэкча, гнецца.
 
– Фу, мароз які пякучы –
                Уваччу іскрыцца!
Мерзнуць ногі праз анучы,
Нос гатоў зваліцца,–
 
Кажа Новы год Старому:
– Дык спыні шум буры,
Мо пляцецца хто дадому,
Да свае пячуры,
 
Каб спаткаць мяне пачэсна,
        Як вядзецца ў родзе,
З жонкай, з дзеткамі сумесна,
                У ладу і згодзе.
 
Цяжка бедным і пахілым,
Зжалься над народам!
Я хачу быць для ўсіх мілым,
Добрым Новым годам.
 
Усміхнуўся, ўзняўшы плечы,
Год Стары на гэта:
– Ты гаворыш недарэчы,
Бо не знаеш свету.
 
 
Слухай, дружа, і вучыся:
                Я ўжо – госць на свеце,
Ледзь хаджу я, трасучыся,
Не жыхар я – смецце!
 
Перабыў свой час і – квіта,
Ды я досвед маю,
І ў апошні раз пабыту
Слухай, што параю:
 
Калі хочаш, ягамосцю,
        Ў памяці застацца,
Ўежся людзям добра ў косці,
                Хоць злым будзеш звацца...
 
– Што пляцеш, пустапарожны?!
Проста слухаць нудна.
Добры год больш помніць кожны!
– Гм! Згадзіцца трудна.
 
Заспрачаліся, як дзеці,
Блазна і старое:
Што жыве даўжэй на свеце –
Добрае ці злое?
 
Гоман, крык, бы звёў ліхі іх,
                Проста чуць не бʼюцца.
Толькі торбы і мяхі іх
І кіі трасуцца.
 
– Ша! – сказаў Стары,– даволі!
Ты да спрэчак ласы.
Мы ж не згодзімся ніколі,
Запытаем часы.
 
Вось ідуць. Лес перад імі
Ўстаў сцяной магутнай,
Хвоі лапамі старымі
                Бʼюцца ў песні смутнай.
 
І гудуць дубы нястройна,
Грозна жараламі,
Лес трасецца неспакойна,
Гойдае камлямі.
І чым далей, лес дзічэе,
Неба закрывае,
Нават вецер там не вее.
Пушча – страх якая!
 
– Станьма тут, – Стары гаворыць.
                Глуха на палянцы.
Ціха дрэвы штось гутораць,
Веку выхаванцы.
 
Ціха ходзяць іх макушкі
Над палянкай з краю.
– Эй вы, часы, Божы служкі!
        Я вас выклікаю! –
 
Крыкнуў год Стары, і дзіва:
        З-за камлёў драўляных,
Нібы дым, ўстае маўкліва
                Рад цянёў нязнаных!
 
Выйшлі цені на палянку,
Ўсе пад нумарамі,
Ў беласнежную катанку
Ўлезшы з галавамі.
 
На адных, бы кроў, гарэлі
Знакі агнявыя,
А з другіх чуць-чуць глядзелі
Напісы сляпыя.
 
Год Стары ўстае прад імі
                І кажа ўладарна:
– Станьце, годы злыя, з злымі,
Хто не згінуў марна!
 
І вы, добрыя гадочкі,
Вечнай праўды стража,
Станьце бліжай у радочкі.
Няхай кожны скажа,
 
Ці звялася, ці пануе
        Памяць ваша ў свеце,
Як кахае, як шануе
                Вас патомства-дзеці!
Так сказаў Стары, і годы,
Добрыя і злыя,
Замільгалі, бы ў нягоды
Лісці залатыя.
 
Годы з напісам чырвоным
Паасобна сталі,
Мноствам страшным, незлічоным
Пушчу запаўнялі.
 
А іх напісы гарэлі
                Слупам агнявістым,
        Ад іх неба чырванела,
Пушча з снегам чыстым.
 
Годы добрыя нясметна
Сталі ўсе па чыну,
Цьмяна, бледна, чуць прыметна,
Зліўшыся ў раўніну.
 
І выходзіць цень бясшумна,
Глуха дакладае:
– Я напоўніў людзям гумны,
                Я – год Ураджаю.
 
Людзі трохі падабрэлі,
Ураджай хвалілі,
Як дабро ж маё паелі,
Дык мяне забылі.
 
Паліняла і звялася
Памяць між народа,–
Так сказаўшы, адышлася
Цень Ўраджаю-года.
 
– А я голадам вядомы.
                Я – год Галадоўлі.
Я спустошыў людзям долы,
Гумны і будоўлі.
 
Мерлі людзі і жывёла,
Як з атруты мухі.
Счысціў я усё дагола,
Нарабіў разрухі.
А мяне дагэтуль людзі
Часта ўспамінаюць.
Так было і гэтак будзе:
                Зла не забываюць, –
 
Сказаў гэтак цень з крывавым
Агнявістым знакам.
– Я быў Згодаю, ласкавым,
        Рассыпаўся макам,
 
Каб лагодзіць, жыць у згодзе.
Згода панавала.
Быў парадак у народзе,
Царствы сябравалі.
 
А прайшоў мой час, як смецце
                Знішчылася памяць,
Ці быў я, ці не на свеце –
Нават і не ўцямяць.
 
– Калатню я даў народу,
Меч прынёс, пажары,
Я забраў яго свабоду,
Я – год Помсты, Кары.
 
Я растрос зямлю дазвання,
        Я быў год няшчасны,
Аба мне ж апавяданні
                Свежы, чоткі, ясны.
 
– А я сеяў зерні знання,
Праўды разуменне,
Волі, радасці жаданне, –
Я – год Прасвятлення.
 
Мой агонь гарыць і ззяе,
Сэрцы людзям грэе.
Аба мне слых не ўмірае
І жыве надзея.
 
—Я мрок сеяў у народзе,
                Зацямняў галовы...
—Сціхні, голас часаў! Годзе! ––
Год прамовіў Новы.
І ўсё змоўкла, ціха стала,
Цені ўсе застылі,
Толькі пушча задрыжала,
Дрэвы ўзгаманілі.
 
І Стары год стаўся ценем.
Поўнач падступала
І пячаці задумення
                На ўсё накладала.
 
– Цені, згіньце! Я ўладарны
Гаспадар над вамі!
Мой прыйшоў час! – Цені марна
Зніклі між камлямі.
 
Змоўкла пушча, сціхла бура,
Зоры замігалі.
І зямля і лес пануры
Новы год віталі.
 
І ўсё поглядам пытае
        Маладога года:
Што нясе нам, чым спаткае
        Новая прыгода?



 
Дзвінск, 31/ХІІ-13 г.,
[1922, 1928]

Іншыя творы: Якуб Колас